МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ БІЯЛО́ГІЯ,

навука пра малекулярныя асновы жыццёвых з’яў. Вывучае структурна-функцыян. арганізацыю генет. апарата клетак і механізмы рэалізацыі спадчыннай інфармацыі (малекулярная генетыка), малекулярныя механізмы ўзаемадзеяння вірусаў з клеткамі (малекулярная вірусалогія), заканамернасці імунных рэакцый арганізма (малекулярная імуналогія), зменлівасць і спецыялізацыю клетак у антагенезе (М.б. развіцця), а таксама структурную арганізацыю біямалекул, механізмы іх функцыянавання і рэгуляцыі актыўнасці, сувязь паміж структурай і функцыяй, узаемадзеянне з інш. малекуламі і інш.

М.б. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. на стыку генетыкі, біяфізікі, біяхіміі (вылучылася з апошняй), асновай яе стала раскрыццё Ф.Крыкам і Дж.Уотсанам прасторавай будовы ДНК (1953). Вял. ўклад у развіццё М.б. зрабілі амер.. вучоныя К.Б.Анфінсен, С.Ачоа, Д.Балтымар, П.Берг, Дж.Ледэрберг, Х.Т.Карана, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Р.Халі, англ. — М.Перуц, швейц. — В.Арбер, франц.Ф.Жакоб, Ж.Мано і інш., сав. — Ю.А.Аўчыннікаў, А.А.Баеў. А.М.Белазерскі, А.С.Спірын, М.М.Шамякін, У.А.Энгельгарт і інш.

На Беларусі даследаванні па М.б. вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, біяарган. хіміі, Цэнтр. бат. садзе, БДУ, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, НДІ эпідэміялогіі і паразіталогіі і інш. Уклад у развіццё М.б. зрабілі Ю.М.Астроўскі, А.А.Ахрэм,І.Дз.Валатоўскі, А.С.Вечар, С.В.Конеў, У.М.Рашэтнікаў, А.А.Шлык і інш.

М.А.Картэль.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)